Зорка беларускай паэзіі

Да дня нараджэння Максіма Багдановіча

     Максім Багдановіч – адна з найярчэйшых зорак на небасхіле беларускай дарэвалюцыйнай паэзіі. Нарадзіўся ён 9 снежня 1891 года ў Мінску ў сям’і настаўніка Адама Ягоравіча Багдановіча і яго жонкі Марыі Апанасаўны. Жыццё складваецца так, што прыходзіцца пакінуць Мінск, пераехаць у Гродна, затым у Ніжні Ноўгарад, потым у Яраслаўль. Але нават знаходзячыся далёка ад Беларусі Маскім Багдановіч аддаваў перавагу роднай беларускай мове. Вельмі рана праявіліся ў Максіма творчыя здольнасці: ужо ў дзесяць гадоў ён стаў пісаць вершы. Гады вучобы ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі, а пасля ў Яраслаўскім юрыдычным ліцэі з’явіліся надзвычай важным этапам у духоўным і творчым развіцці будучага паэта. Гэта былі гады настойлівай працы над сабою, сур’ёзнай вучобы, паглыблення ведаў. Сярод вучняў Багдановіч вылучаўся начытаннасцю, багатай тэарэтычнай падрыхтоўкай, шырокай эрудыцыяй. Усе сілы і вольны час ён аддаваў літаратуры. Асабліва вабіла яго паэзія славянскіх народаў.
   Першае выступленне Максіма Багдановіча ў друку адносіцца да 1907 года, ён адсылае ў газету “Наша ніва” свой першы твор – лірычнае апавяданне “Музыка”, працягвае пісаць вершы, піша свой першы артыкул
“І. Неслухоўскі”. У 1911 годзе пачынае паэму “Вераніка”, заканчвае цыкл вершаў “Старая спадчына”, піша некалькі артыкулаў. У 1912 годзе ў газеце “Наша ніва”, №26,  друкуецца цыкл вершаў аб мінулым Беларусі (сярод іх “Слуцкія  ткачыхі”). У гэтым жа годзе перакладае 22 вершы французскага паэта Поля Верлена. У 1913 годзе выйшла ў Вільні адзіная прыжыццёвая кніжка вершаў “Вянок”, якая стала несмяротным помнікам паэтычнага таленту Максіма Багдановіча, помнікам яго грамадзянскага подзвігу. У далейшыя гады працягвае пісаць вершы і артыкулы, робіць пераклады. У 1915 годзе едзе на лячэнне ў Стары Крым. У 1916 годзе заканчвае ліцэй, пераязджае ў Мінск, дзе працуе ў губернскім харчовым камітэце, прымае актыўны ўдзел у дзейнасці Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. Піша вершы і артыкулы. На жаль, здароўе Максіма  зноў пагоршылася. Вясной 1917 года сябры сабралі грошы і  паслалі Максіма лячыцца ў Ялту. У апошнія дні свайго жыцця працуе над стварэннем беларускага буквара. Жыццё таленавітага паэта абарвалася ў самым разгары яго шматграннага таленту. Памёр М. Багдановіч у ноч з 13 на 14 мая, пахаваны ў Ялце.
   Творчы набытак паэта стаў вялікім духоўным скарбам нашага народа, яго паэзія пашырыла духоўны свет беларускай лірыкі.
   М. Багдановіч – вялікі грамадзянін і  патрыёт, усё сваё кароткае жыццё аддаў служэнню свайму народу. Чалавек шырокай адукацыі, энцыклапедыст у самым поўным сэнсе гэтага слова. Шчасце свайго народа ён бачыў у выхадзе яго на шырокую арэну агульначалавечай гісторыі. У нашы дні словы Максіма Багдановіча гучаць свежа і сучасна, і непагасна гарыць яго зорка на небасхіле беларускай паэзіі.

                                    Габіс І.Ф., настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога