Мая вёска- мой аграгарадок
Я хачу расказаць пра сваю родную вёску Паляцкішкі, што раскінулася сярод палёў і лугоў, акаймавана лясамі, упрыгожана вочкамі сажалак, у якіх дзеці вудзяць рыбу.
Невялічкая, непрыкметная, на першы погляд, вёсачка: дзве перакрыжаваныя цэнтральныя вуліцы, клуб, 2 магазіны, бібліятэка, ФАП, дзіцячы садок, школа.
Цяпер наша вёска асабліва прыгожая, у 2008 годзе яна атрымала статус аграгарадка, побач з драўлянымі пабудовамі ўзвышаюцца двухпавярховыя катэджы, бялеюць цагляныя дамы, з’явіліся новыя пабудовы. Праз Паляцкішкі бяжыць асфальтаваная дарога, што вядзе да райцэнтра.
Як многа значыць гэтая вёска для нас, яе жыхароў! Колькі цікавага, дзівоснага ўвабрала яна за доўгія гады сваёй гісторыі, што авеяны легендамі сівай даўніны.
Назва вёскі, у якой мы жывём, не павінна заставацца таямніцай. Звярнуўшыся да “Кароткага тапанімічнага слоўніка” В.А.Жучкевіча, я знайшла адказ на пытанне, што мяне цікавіла: Паляцкішкі – назва, вытворная ад літоўскага прозвішча Палецкіс.
Паляцкішкі – родныя майму сэрцу мясціны. Гэта край майго дзяцінства і юнацтва, гэта радзіма майго бацькі, маіх дзядоў і прадзедаў. Мой родны кут.
Самае вялікае багацце вёскі – гэта яе жыхары, людзі добрыя, шчодрыя, працавітыя. Яны любяць жыццё, сваю родную зямлю, працу. З іх маленькіх біяграфій складаецца біяграфія ўсяго краю. Жыццё і лёс кожнага вяскоўца маглі б стаць сюжэтам цікавай кнігі, а самі жыхары – галоўнымі яе героямі. Гэта была б кніга, па якой маглі выхоўвацца пакаленні новага тысячагоддзя. На жаль, такая кніга яшчэ не напісана.
Людзі гэтыя розныя па свайму характару, але іх аб’ядноўвае адно - уменне многія гады працаваць з неаслабленнай энергіяй, рабіць усё з выключнай добрасумленнасцю.
У нашай мясцовасці ёсць такія людзі, ад якіх заўсёды зыходзіць цеплыня, сардэчнасць, з якімі, нягледячы на рознасць узросту, цікава пагаварыць, проста пабыць побач. Сярод іх – Гелена Казіміраўна Івашкевіч. Яна прыгожа знешне, прыгожа ўнутрана, багата сваёй жаноцкасцю, чалавечнасцю. Як кажа сама Гелена Казіміраўна, сакрэт яе лёсу – гэта Вера і Надзея. Жыццё чалавека вымяраецца не толькі гадамі, але і тымі справамі, што ён зрабіў. Доўгі час (да пенсіі) Гелена Казіміраўна працавала на ферме, мае 37 гадоў працоўнага стажу. Дзяржава па-дастойнаму ацаніла яе працоўную дзейнасць: Гелена Казіміраўна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Сёння яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але цікавіцца грамадска-палітычнымі падзеямі, любіць чытаць газеты, глядзець тэлевізар, быць у курсе сусветных падзей.
Такімі звычайнымі, на першы погляд, людзьмі багата наша вёска. Але кожны з іх - гэта непаўторнасць лёсу. Нашай моладзі ёсць з каго браць прыклад. Аднавяскоўцы – гэта наш гонар. А якая дзіўная ў нас прырода?!
Янкелайць Дар’я, 8 клас
Комментарии
Отправить комментарий